Каралавыя біястромы варонежскага гарызонту (верхні фран) у Прыпяцкім прагіне (Беларусь)
https://doi.org/10.65207/1680-2373-2025-2-32-39
Анатацыя
Верхнедэвонскія карбанатныя адклады Прыпяцкага прагіну, сфарміраваныя з удзелам арганізмаў-пародаўтваральнікаў, выклікаюць цікавасць не толькі ў сувязі з іх біястратыграфічным значэннем, але і як патэнцыяльныя пароды-калектары. Гэтыя адклады вывучаны з неаднолькавай дэталёвасцю: заагенныя пабудовы франскага яруса сярод іх даследаваны ў найменшай ступені. У артыкуле прапануецца схематычная мадэль заагенных асадкавых утварэнняў, пашыраных у варонежскім гарызонце (верхні пад’ярус франскага яруса) Прыпяцкага прагіну. Яны прадстаўлены пласцістымі карбанатнымі целамі, у якіх інтэрвалы парод, перапоўненыя караламі – галінчатымі Tabulata і кусцістымі Rugosa, чаргуюцца з інтэрваламі без рэшткаў каралаў. Каралавыя інтэрвалы – гэта ўтварэнні субкаркасных банак, у якіх шкілеты каралаў не зрастаюцца паміж сабой у такой ступені, каб сфарміраваць суцэльныя працяглыя каркасы. Каралавыя шкілеты складаюць да 35 % ад агульнага аб’ёму пароды, што сведчыць пра іх істотны ўдзел у якасці пародаўтваральнікаў. У сукупнасці субкаркасныя банкі, якія паўтараюцца ў разрэзе адна над адной, раздзеленыя інтэрваламі пустых вапнякоў, складаюць шматпластавыя каралавыя біястромы. Субкаркасныя банкі былі ўтвораны біяцэнозамі каралавых зарасцей. Большасць каралаў у субкаркасных банках належыць да радоў Peneckiella (Rugosa), Alveolitella і Aulopora (Tabulata). Некаторыя асаблівасці будовы адкладаў і захаванасці ў іх каралавых шкілетаў даюць падставы для вывадаў аб істотнай актыўнасці асяроддзя асадканакаплення, у прыватнасці, аб уплыве гідрадынамічнага і, верагодна, сейсмічнага фактараў. Каралавыя шкілеты маюць параўнальна невялікія памеры і ў пераважнай большасці знаходзяцца ў перакуленым стане, што ўказвае на зменлівасць і нестабільнасць асяроддзя. Выказваецца гіпотэза аб магчымай прымеркаванасці шматпластавых біястромаў да ўчасткаў актыўных разломаў варонежскага часу. З’яўленне і спыненне існавання кожнай чарговай каралавай банкі (каралавага пласта ў шматпластавым біястроме) магло быць звязана з чаргаваннем эпізодаў разломнай актывізацыі і прамежкаў часу з адносна стабільнымі ўмовамі. Тэарэтычна такія біястромы маглі распасцірацца на вялікія адлегласці. У залежнасці ад асаблівасцей дна, біястромы межавалі з біяцэнозамі каралавых лугоў (параўнальна разрэджаныя папуляцыі каралаў), а таксама з участкамі дэпрэсій – паніжэннямі, у якіх акумуляваліся глеістыя бітумінозныя асадкі, дзе сустракаюцца пераадкладзеныя рэшткі каралаў, знесеныя з каралавых банак. Своеасаблівасць каралавых адкладаў варонежскага гарызонту робіць іх маркёрам пэўнага прамежку эвалюцыі Прыпяцкага прагіну і, адпаведна, зручным біястратыграфічным індыкатарам. У выпадках другаснай даламітызацыі, з якой нярэдка звязана высокая порыстасць і кавернознаць парод, такія адклады могуць уяўляць сабой натуральныя калектары для вуглевадародаў, вады, расолаў і інш. Рэканструкцыя каралавых банак і шматпластавых біястромаў, а таксама іншых каралавых біяфацый з улікам глыбокага залягання адкладаў ускладняецца дыскрэтнасцю кернавых матэрыялаў, непаўнатой выхаду керну, знішчэннем керну старых свідравін. Па гэтых прычынах для ўдасканалення ведаў аб памерах і будове шматпластавых біястромаў, складзе арганізмаў-пародаўтваральнікаў, выяўлення заканамернасцей іх прасторавага пашырэння і высвятлення іх практычнага значэння неабходны дадатковыя матэрыялы свідравання.
Аб аўтары
Ю. У. ЗаікаБеларусь
вул. Янкі Маўра, 53, 220015, Мінск
Спіс літаратуры
1. Devonian organogenic buildups of Belarus / A. Makhnach [et al.]. – Minsk : Nauka i tekhnika, 1984. – 236 p. (in Russian).
2. Embry, A. A Late Devonian reef tract on Northeastern Banks Island, NWT / A. Embry, J. Klovan // Bulletin of Canadian Petroleum Geology. – 1971. – № 19. – P. 730–781.
3. Geology of the USSR. Vol. III. Byelorussian SSR [Geologiya SSSR. T. 3. Byelorusskaya SSR] / P. Leonovich [et al.]. – M. : Nedra, 1971. – 456 p. (in Russian).
4. Lahee, F. Field Geology / F. Lahee. – M. : Мir, 1966. – Vol. 1. – 481 p.
5. Lokier, S. The petrographic description of carbonate facies: are we all speaking the same language? / S. Lokier, M. Junaibi // Sedimentology. – 2016. – № 63 (7). – P. 1843–1885.
6. Zaika, Yu. Upper Devonian (Frasnian) Corals (Anthozoa) of Belarus. Part 1: Systematic composition, Stratigraphic distribution, Palaeoecology / Yu. Zaika, S. Kruchak // Litasfera. – 2008. – № 2 (29). – P. 49–60 (in Belarusian).
Дадатковыя файлы
##reviewer.review.form##
Для цытавання:
Заіка Ю.У. Каралавыя біястромы варонежскага гарызонту (верхні фран) у Прыпяцкім прагіне (Беларусь). Літасфера. 2025;(2 (63)):32-39. https://doi.org/10.65207/1680-2373-2025-2-32-39
For citation:
Zaika Yu. Coral biostromes of the Upper Frasnian Voronezh Formation of the Prypiat Trough (Belarus). Litasfera. 2025;(2 (63)):32-39. https://doi.org/10.65207/1680-2373-2025-2-32-39








